homestead

Сядзіба «Дваранскае гняздо» ў Чыстым завулку, Масква. Фота: navalny.com

На асобу намесніка міністра абароны Цімура Іванова, які адказваў за буйныя ведамасныя будоўлі, і яго жонку звярнула ўвагу каманда Навальнага, якая ў канцы 2022 года выпусціла расследаванне.

Па інфармацыі расследавальнікаў, якія атрымалі доступ да электроннай пошты жонкі Іванова Святланы Маніёвіч, з 2010 па 2018 год сям'я кожнае лета здымала вілы ў Сен-Трапе, выдаткаваўшы на гэта як мінімум 850 тысяч еўра. Яшчэ 250 тысяч еўра пайшло на арэнды яхт і 200 тысяч — на куплю і абслугоўванне адрэстаўраванага Rolls-Royce Corniche 2001 года выпуску, які аформілі на люксембургскую фірму.

У пасёлку Успенскае на Рублёўскай шашы Іваноў адбудаваў сабе дачу плошчай 1600 квадратаў.

Але найбольшую цікаўнасць уяўляе сядзіба ў Чыстым завулку ў Маскве, якую адшукала каманда Навальнага.

Цімур Іваноў і Святлана Маніовіч Тимур Иванов и Светлана Маниович Timur Ivanov and Sviatlana Maniovich

Цімур Іваноў і Святлана Маніёвіч. Фота: navalny.com

Трохпавярховы асабняк быў пабудаваны ў 1821 годзе. Першай уладальніцай сядзібы была княгіня Соф'я Валконская — сястра дзекабрыста Сяргея Валконскага. У канцы 19 стагоддзя ўладальніцай дома стала Ганна фон Мек — жонка буйнога прамыслоўца.

Па адной з версій даследчыкаў творчасці Міхаіла Булгакава, менавіта ў падвале гэтага асабняка здымаў кватэру галоўны герой рамана «Майстар і Маргарыта».

Да 2012 года аб'ект належаў дэпартаменту культурнай спадчыны Масквы, але быў прададзены прыватнай кампаніі «Дваранскае гняздо». Як высветліла каманда Навальнага, за гэтай кампаніяй стаіць Цімур Іваноў. Фірма была запісана на вадзіцеля намесніка міністра абароны Расіі — Станіслава Кузняцова.

Нягледзячы на тое, што афіцыйна рэканструкцыяй і рамонтам будынка займалася кампанія «Дваранскае Гняздо», усе каштарысы, пытанні, рахункі прыходзілі на электронную пошту Святланы Маніёвіч. У яе пошце былі знойдзены лісты адносна рамонту камінаў, прапановы па ўстаноўцы люстэркаў. Яна выбірала ліфт і афармленне сцен, узгадняла знешняе асвятленне будынка. А вось план азелянення быў накіраваны Цімуру Іванову.

homestead

Адзін з лістоў электронай пошты Святланы Маніовіч. Фота: navalny.com

У пошце Святланы былі лісты, змест якіх дапамог зразумець, што знаходзіцца ўнутры будынка: спа з вялікім хамамам, мінібасейнам, масажнай і распранальняй. На кухні абсталяваны стол шэф-кухара, унізе, у падвале, — памяшканне для пральні і прасавання, склад прадуктаў, рэчавы склад, сейфавая, блок для персаналу і пакой для аховы.

Сядзіба была напоўнена прадметамі антыкварыяту, якія жонка намесніка міністра закупляла ў вялікіх аб'ёмах.

homestead

Сядзіба «Дваранскае гняздо» ў Чыстым завулку, Масква. Фота: navalny.com

Адпаведна акту гісторыка-культурнай экспертызы, размешчанаму на партале Масквы, вясной 2023 года работы па рэстаўрацыі і прыстасаванню фасадаў і інтэр'ераў аб'екта культурнай спадчыны былі практычна завершаны.

Яшчэ адзін дом Іванова, які адшукала каманда Навальнага, знаходзіцца ў Цвярской вобласці на беразе Волгі. Гэты асабняк плошчай 2900 квадратных метраў аформлены на кампанію «Волжскі бераг». У ім размяшчаюцца склады антыкварнай мэблі, камінны пакой, 100-метровая більярдная, 40-метровы ванны пакой, гардэробныя, сталовая і памяшканне з назвай «хуліганская гасцёўня».

У расследаванні сцвярджалася, што Іваноў з жонкай у год зараблялі каля 25 мільёнаў рублёў, а выдаткоўвалі каля 90 мільёнаў.

У чэрвені 2022 года Іваноў развёўся. Але расследавальнікі мяркуюць, што зроблена гэта было толькі для таго, каб жанчына не патрапіла ў санкцыйны спіс Еўрасаюза.

Учора стала вядома, што Следчы камітэт Расіі затрымаў намесніка міністра абароны Расіі Цімура Іванова па падазрэнні ў атрыманні хабару. Ён не прызнаў віну. Яго адправілі ў СІЗА на два месяцы. 

Чытайце таксама:

У Расіі за хабар затрымалі намесніка міністра абароны

«Паслугі прастытутак і дарагія гадзіннікі». Кіраўнік Міжнароднага саюза біятланістаў быў падкуплены Расіяй

У Расіі праграміста, які ахвяраваў 150 даляраў фонду Навальнага, пасадзілі на сем гадоў

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
19
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
12